Франак Вячорка прыняў прысягу

Франак Вячорка прыняў прысягу 7 лютага ў 8-й радыётэхнiчнай брыгадзе ў Баранавiчах. Адсюль ён будзе накiраваны ў Мазыр для праходжання тэрмiновай службы ў ваеннай часцi № 48694 супрацьпаветранай абароны.

 

Прысягу Франак прымаў на беларускай мове. "Пад канец прысягi замест слоў "Служу Рэспублiцы Беларусь!" я сказаў "Жыве Беларусь!". Пры гэтым мае паплечнiкi разгарнулi бел-чырвона-белы сцяг i расцяжку "За прафесiйную армiю". Двух затрымалi, адвялi ў аддзяленне мiлiцыi, але праз гадзiну адпусцiлi", — расказаў Ф.Вячорка.

 

Таварышы, паводле слоў Франака, ставяцца да яго нармальна. "Я адразу заявiў, што буду размаўляць толькi па-беларуску, i гэта не выклiкала нiякай негатыўнай рэакцыi. Больш за тое, я стаў своеасаблiвым "адвакатам" у таварышаў. Напрыклад, у часцi не было тэлефона-аўтамата, а мабiльныя тэлефоны забаронены. З гэтай скаргай я хадзiў да начальства. Былi таксама праблемы з абуткам — яго выдавалi рознага памеру. Са скаргай да кiраўнiцтва зноў жа iшоў я, i гэтыя праблемы вырашалiся", — паведамiў Вячорка.

 

Паводле слоў Франака, адразу пасля дастаўкi ў ваенную часць з iм на працягу трох дзён запар гутарылi следчыя Мiнскай мiжгарнiзоннай ваеннай пракуратуры. Яны разбiралiся са скаргай бацькоў Вячоркi наконт яго незаконнага прызыву ў армiю. "У мяне склалася ўражанне, што яны вельмi сур'ёзна падыходзяць да справы i маюць намер разабрацца ў ёй да канца", — зазначыў Франак.
 

 

 

БелаПАН