Валентин Тарас о партизанской войне.

Насельніцтва баялася партызанаў. Людзі бачылі, што партызаны забіраюць харчаванне. З вёсак забіралі апошняе быдла і свіней. Мы ўсё ж не былі рэгулярнай арміяй, нас ніхто не карміў. Нас карміла вёска, але не дабравольна. На ўсходзе Беларусі функцыянавала штосьці накшталт сістэмы падаткаў. Мой атрад размяшчаўся ў заходняй частцы Беларусі, дзе не было такіх правіл. Кожны атрад штодзень павінен быў арганізоўваць правіянт. Наша група налічвала каля двухсот чалавек і кожны павінен быў з’есці хоць кавалак мяса і талерку супа. Думаю, што калі б акупацыя цягнулася яшчэ год, то ў заходняй Беларусі з голаду памерлі б і жыхары, і партызаны. Вясной 1944 года ўжо не было нічога. Наш атрад адпраўляўся па правіянт у Літву і Латвію, але гэта было небяспечна. Там былі арганізаваны атрады самаабароны – сяляне мелі пасты і былі ўзброены.

 

Помню, як савецкія атрады акружылі брыгаду АК і раззброілі яе. Па вышэйшых афіцэраў прыляцеў самалёт, а тых, хто быў рангам ніжэй, расстралялі на месцы. Я вартаваў тады свой атрад, стаяў на часах з вінтоўкай. Бачыў, як палякаў вялі на смерць. Была завіруха. Я ўразіўся, бо ўжо ведаў, што зараз зробяць з гэтымі людзьмі, а яшчэ ўчора бачыў іх і не было ў іх нічога страшнага. Былі такія ж, як і мы. Потым пачуў аўтаматную чаргу.

Вечарам увесь наш атрад паставілі на ногі. Мы павінны былі шукаць сляды крыві і босыя ногі на снезе. Аказалася, адзін з палякаў выжыў, вылез з-пад снегу і босы ўцякаў, бо ў іх забралі боты. Мы шукалі тыя сляды, але была страшэнная завея. Не ведаю, што здарылася з тым чалавекам.

Калі пасля вайны ішоў працэс у Нюрнберзе, нам успомнілі пра Катынь. СССР адмовіўся ад віны, перакідваючы яе на Германію. Я быў тады ўсё яшчэ савецкім патрыётам, але ўспомніў тыя пошукі босых ног на снезе. Мне стала зразумела, што гэта мы здзейснілі забойства ў Катыні. Босыя сляды вялі якраз туды.

 

Моладзь, уцягнутая ў партызанскую вайну, не была аднароднай. Тут былі не толькі камуністы, чэкісты і камсамольцы. У маім атрадзе было трыццаць чалавек са сталіцы, сярод іх былі камуністы і камсамольцы, але былі і беспартыйныя. Калі толькі пачалася вайна, у многіх, незалежна ад поглядаў, адразу з’явілася надзея, што пасля яе ўсё будзе інакш, што ўсё зменіцца. Не будзем ужо так мучыцца. Здабудзем сабе нармальнае жыццё, без калгасаў і тэрору 1937 года.

 

Тое, што сустрэла нас пасля вайны, было адным з найбольшых расчараванняў усіх яе ўдзельнікаў. Нашы надзеі не спраўдзіліся. З 1946 года пачаўся такі самы тэрор, як і перад вайной.

 

з кнігі "Зрабаваны народ. Размовы з беларускімі інтэлектуаламі"